?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Нарэшце мне ўдалося зразумець адну з найбольш цьмяных старонак з гісторыі (1922-1945) знакамітых нясьвіскіх гармат адлітых Германам Мольцфэльтам для Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Пачатак гэтай інтрыгі глядзіце тут. Па праўдзе кажучы, гісторыя гэтая ўжо была раскрыта і нават апублікавана Бруна Томасам у адпаведным артыкуле (Bruno Thomas, Des Fürsten Nikolaus Christoph Radziwill Geschützrohre aus Nieswiez), аднак гэты артыкул, напэўна, так і застаўся невядомы для дасьледчыкаў зь Беларусі. Абапіраючыся на яго і на зьмешчаныя ў ім фотаздымкі перакажу сутнасьць справы.

Як вядома, у час Першай Сусьветнай гарматы былі вывезены зь Нясьвіжу, які знаходзіўся непадалёк ад лініі фронту, кудысьці ў глыб Расіі. У 1922 годзе па ўмовах Рыскага міру гарматы былі перададзены Польшчы. Першапачаткова іх паклалі на дзядзінцы каралеўскага замка ў Варшаве, праз які праходзілі ўсе рэчы, што перадаваліся саветамі, а затым гарматы былі перададзены Радзівілам і вярнуліся ў Нясьвіж. Там для іх парабілі даволі простыя лафэты і паставілі на замкавым дзядзінцы.

Фота "Хімеры" Баляслава Таўрагіньскага міжваеннага часу:

L1013 119

У 1939 годзе, калі дзялілі радзівілаўскае дабро, то гарматы перавезлі ў Менск і кінулі каля гістарычнага музэя.

IMG_9905

Гэтае і два наступных фотаздымкі былі зроблены самім Бруна Томасам, які, напэўна, у складзе адпаведнай нямецкай камісіі прыехаў у Менск у 1942 годзе для адбору найбольш каштоўных рэчаў для рэйха. Як бачна, радзівілаўскія гарматы проста валяліся пад сьценамі музэя на тых жа самых лафэтах, што для іх парабілі ў Нясьвіжы. На пярэднім пляне папярэдняга фотаздымку - тая самая "Хімера". 

Фота "Вінаграда" і "Цэрбэру", копіі якіх ня так даўно зрабілі для Нясьвіскага замку, у Менску:

IMG_9905_2

IMG_9905_3

Пасьля агляду гармат іх адправілі ў Бэрлін і зьмясьцілі ў знакаміты бэрлінскі цэйхгаўз, як выдатныя прыклады нямецкага людвісарства на ўсходзе. Прыгадайце кім быў Мольцфэльт па паходжаньні. Аднак лёс гэтага музэя нямецкай вайсковай славы, як і тая самая нямецкая вайсковая слава напрыканцы вайны, быў сумны. Да 1945 года будынак быў сур'ёзна пашкоджаны. Пры гэтым пацярпелі і радзівілаўскія гарматы.





Пасьля падзеньня рэйху пачалася новая дзяльба тарфеяў. Гарматы выцягнулі з цэйхгаўза, агледзелі і адправілі ў музэй артылерыі ў Пецярбургу, праз які праходзілі ўсе трафеі мілітарнага характару. 

IMG_9906

Гарматы перад адпраўкай у Пецярбург (знізу ўверх): 1 - "Гідра", 2 - "Цырцэя", 3 - "Папугай", 5 - гармата з гербам Сфорцаў 1532 году ліцьця (у Нясьвіжы з сяр. XVIII ст., зараз у Варшаве) і 7 - "Сава". 

Што цікава, і ўрэшце выклікае павагу да немцаў, перад адпраўкаю, яны сфатаграфавалі і, напэўна, апісалі гарматы, зь якімі мусілі неўзабаве разьвітацца. На жаль, пазней, значная частка таго, што ня было адпраўлена ў Пецярбург было пушчана на мэтал і цяпер калекцыя ствалоў гармат у Бэрліне ня вельмі значная. 

У другой палове 1940-ых - першай палове 1950-ых савецкі ўрад вырашыў перадаць частку трафеяў вывезеных зь Нямеччыны - Польшчы (тады ж між іншым Польшчы былі перададзены і значная колькасьць радзівілаўскіх партрэтаў зь Менску). У гэты сьпіс трапілі пяць мольцфэльтаўскіх (дзьве іншыя засталіся ў Пецярбурзе) і шэраг іншых гармат зь Нясьвіжа. Яны былі перададзены Музэю Польскага Войска ў Варшаве, дзе і цяпер захоўваюцца.

IMG_9936

"Хімера" у Музэі Польскага Войска, 1950-ыя гады. Зьвярніце ўвагу на разьбітую казённую частку гарматы з пашкоджанай выявай хімеры. Гэта якраз сьляды вызваленьня Бэрліну і краху тысячагадовага рэйха.   

Comments

( 2 comments — Leave a comment )
mitrander
Dec. 19th, 2012 01:08 pm (UTC)
Дзякуй за матэрыял. Вельмі цікава і вельмі сумна...

Я зраблю перапост, калі дазволіце.
wouk
Dec. 19th, 2012 01:12 pm (UTC)
У сваю чаргу дзякую за добрае слова! Калі ласка, зьмясьціце ў сябе, буду рады.
( 2 comments — Leave a comment )

Latest Month

November 2018
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930